КАЗА́НСКІ САБО́Р у С.-Пецярбургу,
помнік архітэктуры рус. класіцызму. Пабудаваны ў 1801—11 арх. А.Н.Вараніхіным. Крыжова-купальны будынак. Прылеглая да бакавога фасада магутная паўкруглая каланада з 6-калонным порцікам утварае плошчу, якая ўваходзіць у склад ансамбляў Неўскага праспекта. Малая плошча перад гал. уваходам абнесена манум. чыгуннай рашоткай. Інтэр’ер вырашаны як калонная зала свецкага характару, аздоблены скульптурай (І.П.Мартас, І.П.Пракоф’еў, Ф.Ф.Шчадрын і інш.), размалёўкамі (У.Л.Баравікоўскі, А.Я.Ягораў). У саборы былі змешчаны трафеі рус. войск у Айч. вайне 1812. У 1813 тут пахаваны М.І.Кутузаў. У 1837 перад саборам пастаўлены помнікі яму і М.Б.Барклаю дэ Толі (скульпт. Б.І.Арлоўскі, арх. В.П.Стасаў).
т. 7, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)